КО́МІ-ЗЫРА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з пермскіх моў (галіна фіна-угорскіх моў). Пашырана ў Рэспубліцы Комі, часткова на Кольскім п-ве, у Ямала-Ненецкай і Ханты-Мансійскай аўт. акругах Расіі. Дыялекты: прысыктыўкарскі (аснова літ. мовы), ніжневычагодскі, верхневычагодскі, сярэднесысольскі, верхнесысольскі, вымскі, лузкалецкі, іжамскі, пячорскі, удорскі. У адрозненне ад роднаснай ёй комі-пярмяцкай мовы характэрна захаванне гука «л» ва ўсіх дыялектах, націск на 1-м складзе, клічная форма назоўнікаў на -ой. У марфалогіі — адзінае скланенне і спражэнне. У лексіцы шмат аднаскладовых слоў.
Да пач. 20 ст. ў комі-зыран не было адзінай літ. мовы (рэліг. л-ра выдавалася на дыялектах). Літ. мова склалася пасля 1917. Пісьменства створана місіянерам Стафанам Пермскім у 2-й пал. 14 ст. У 17 ст. выцеснена пісьменствам на аснове славяна-рус. графікі. З 1918 выкарыстоўваўся рус. алфавіт, з 1920 — са значна змененымі графемамі, з пач. 1930-х г. — лац., з канца 1930-х г. рус. графіка з увядзеннем дадатковых літар «і», «б».
Літ.:
Современный коми язык. Ч. 1—2. Сыктывкар, 1955—64.
т. 8, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)